ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19, Велікапольскае паўстанне,

польскае ўзбр. нац.-вызв. паўстанне на зах. ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т.л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.

Літ.:

Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.

Н.К.Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)